АКЦЫІ Ў ПАДТРЫМКУ УКРАІНЫ Ў НЬЮ-ЁРКУ

24 лютага на гадавіну расейскага ўварваньня ва Украіну свабодныя людзі ўсяго сьвету выйшлі на вуліцы розных гарадоў, каб падтрымаць украінцаў.

У Нью-Ёрку акцыі пачаліся яшчэ зьвечара 23 лютага. Актывісты ў гэты дзень выйшлі да расейскага консульства і скандавалі лёзунгі.

24 лютага мітынг пачаўся у 10 гадзін раніцы ля будынка ААН. Адна з удзельніц акцыі Людміла Хомчанка распавяла, што ў гэты час сабралася звыш сотні чалавек. Людзі несьлі з сабой плякаты і ўкраінскую сымболіку. Таксама на акцыі былі заўважаныя і беларускія бел-чырвона-белыя сьцягі. 

«Гучала шмат лёзунгаў. Людзі без перапанку скандавалі «Слава Украіне!» І галоўным патрабаваньнем было выдаленьне Расеі з ААН і Рады Бясьпекі гэтай арганізацыі, каб яна не мела права накладаць вета на прыняцьце рашэньняў. У сувязі з гэтым прымаюцца адпаведныя пэтыцыі», – распавяла Людміла Хомчанка. 

Увечары на Таймс-сквер прайшоў буйны мітынг. Украінцы, амэрыканцы, беларусы,  выйшлі з плякатамі ў падтрымку Украіны, несьлі ў натоўпе і пудзіла з фота пуціна.

Шмат у каго на руках былі фатаздымкі разбураных украінскіх гарадоў і параненых людзей. 

«Людзі стаялі шэрагамі. Шмат хто быў у вышыванках. Нашы беларускія сьцягі таксама луналі, бо прыйшла і беларуская падрымка», – адзначыў адзін з актывістаў Гэнік Лойка. 

Таксама на акцыях былі заўважаныя польскія, латвійскія, грузінскія, азэрбайджанскія, татарскія сьцягі.

Трэба адзначыць, што ў іншых амэрыканскіх гарадах таксама прайшлі пікеты і мітынгі, арганізаваныя ўкраінскай дыяспарай.

Прэзідэнт Украіны 24 лютага ў гадавіну расейскага ўварвання заявіў, што Украіна зробіць усё, каб атрымаць перамогу. Аб гэтым Уладзімір Зяленскі сказаў у звароце да ўкраінцаў раніцай 24 лютага. У сваёй заяве ён некалькі разоў згадаў пра перамогу і адзначыў, што «нягледзячы на пастаянныя масіраваныя ракетныя ўдары і адключэньне электраэнергіі, мы бачым сьвятло гэтай перамогі».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таксама ў гэты дзень заявіў, што Расея ніколі не пераможа Украіну.

«Дыктатар, які імкнецца аднавіць імперыю, ніколі не сатрэ любоў народа да свабоды. Жорсткасць ніколі не зломіць волю вольных. І Украіна ніколі не будзе перамогай Расіі. Ніколі», – сказаў Байдэн у сваёй заяве.

Дарадца Байдэна па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван заявіў, што Расея «ўжо прайграла гэтую вайну».

Алесь Пазьняк

Здымкі: Людміла Хомчанка і Ірына Хадарэнка