АХВЯР ГАЛАДАМОРА ЎСПАМІНАЛІ Ў НЬЮ-ЁРКУ

Шматкіламетровае шэсьце са сьцягамі, плакатамі і банерамі з інфармацыяй пра Галадамор было зьдзейснена ў суботу, 18 лістапада.
Збор стартаваў ля вуніяцкай царквы Сьвятога Юра ў 10 гадзін раніцы. Тут людзі разгарнулі вялізны ўкраінскі сьцяг і рушылі з ім наперадзе калоны да сабора сьв. Патрыка. Шэсьце расьцягнулася на некалькі блокаў. Усю працэсію ад пачатку да канца суправаджалі ньюёркскія паліцыянты, якія перамяшчаліся на матацыклах. А само шэсьце рухалася за аўтамабілем, на якім быў усталяваны вялізны звон. Пэрыядычна па дарозе ў яго званілі, каб ушанаваць памяць загінулых.
Акрамя ўкраінцаў у шэсьці ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары на чале з Зянонам Пазьняком, лідарам нацыянальна-вызвольнага руху “Вольная Беларусь”.

Дзень памяці ахвяр галадамора 1932-1933 гадоў адзначаецца з 1998 года ва Украіне. Лічыцца, што ў выніку яго загінулі амаль 4 млн чалавек, але агульная колькасць ахвяр можа дасягаць да 7-10 мільёнаў.
Амэрыканскі штат Нью-Ёрк выдаў пракламацыю з нагоды 90-й гадавіны Галадамору, дзе яшчэ раз падкрэсліў прызнаньне яго генацыдам украінскага народа. Як піша “Еўрапейская праўда”, пра гэта ў Facebook паведаміла пасол Украіны ў Злучаных Штатах Аксана Маркарава. Яна адзначыла, што штат Нью-Ёрк таксама абвясьціў лістапад месяцам памяці аб украінскім Галадаморы-генацыдзе ва Украіне.
Галадамор – штучна створаны сталінскім рэпрэсіўным рэжымам голад 1932-1933 гадоў у эпоху росквіту калектывізацыі, гэта значыць прымусовага адбору прыватнай маёмасьці і арганізацыі калектыўных гаспадарак. На сёння Галадамор прызналі генацыдам украінскага народа парламенты каля трох дзясяткаў краін свету, а таксама Еўрапейскі парламент і Парламенцкая асамблея Рады Еўропы.

У саборы сьв. Патрыка выступілі палітыкі, дыпламаты, духоўныя герархі каталіцкай, праваслаўнай, вуніяцкай цэркваў. Тут Адбыўся малебен за Украіну. На ім прысутнічалі 19 дыпламатаў, якія прыехалі ў сабор адмыслова выказаць сваю падтрымку і спачуваньні Украіне. Сярод выступаючых былі Чак Шумэр – амерыканскі палітык, старэйшы сенатар ЗША ад штата Нью-Ёрк, член Дэмакратычнай партыі. Чак Шумэр нагадаў, што яго продкі паходзяць з Тэрнопальскай вобласці Украіны, і падкрэсліў, што Галадамор быў генацыдам украінскага народа.
Пасол Украіны ў ЗША Аксана Маркарава зьвярнула ўвагу на дух украінцаў і заклікала падтрымліваць тых, хто абараняе сваю Бацькаўшчыну.
Сяргей Кісьліца – украінскі дыпламат, пастаянны прадстаўнік Украіны пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый адзначыў ролю Амэрыкі ў дапамозе Украіне. Таксама ён распавёў пра падтрымку заходніх краін з пачаткам ваенных дзеяньняў.
Алесь Пазьняк
Здымкі аўтара








