Зварот Рэдакцыі газэты «Беларус»

Шаноўныя чытачы!

Амаль 72 гады прайшло з моманту выхаду першага нумару газэты “Беларус”. Увесь гэты час друкаваныя нумары выданьня прыходзілі да чытачоў ў папяровым выглядзе.. Для шматлікіх беларускіх эмігрантаў папярэдніх пакаленьняў газэта была ці не адзінай крыніцай інфармацыі пра падзеі на Радзіме і пра такіх жа беларусаў за мяжой. Шмат дзясяткаў гадоў прагныя вочы ўглядаліся ў старонкі часопісу і шукалі навіны са сваіх мясьцінаў. Людзі пісалі і  чыталі інфармацыі  аб дзейнасьці беларускай эміграцыі за акіянам і  праз газэту даносілі свой голас пра іх існаваньні ў Новым Сьвеце.

І вось, новыя пакаленьні эмігрантаў маюць патрэбу сказаць аб сабе. Але, гэта ўжо цяжка зрабіць толькі з дапамогай друку – часы зьмяніліся. У сьвеце пануе інтарнэт і зьявілася новыя магчымасьці  даносіць сваё слова ў віртуальнайй прасторы – гэта  мець старонку ў сацыяльных сетках, вэбсайт, кантактаваць анлайн. Рэдакцыя газэты лічыць патрэбным. каб і нашае выданьнне разьвівалася далей у накірунку гэтых зьменаў і выкарыстоўвала новыя формы кантакту з чытачамі.

Насьпела патрэба дапоўніць склад Рэдакцыі новымі сябрамі з маладой беларускай эміграцыі, якія, спадзяемся, будуць здольнымі працаваць ва ўмовах імклівага тэхнічнага прагрэсу. Рэдакцыя пры згодзе з Галоўнай управаю Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня,  чыім органам зьяўляецца газэта, прыняла рашэньне  стварыць электронны варыянт газэты, што дазволіць  больш аператыўна інфармаваць чытачоў пра навіны жыцьця беларускай дыяспары ў ЗША, Таксама хацелі б пашырыць інфармацыйную прастору газэты і падаваць у ёй навіны пра беларускую дыяспару ў сьвеце і пра важнейшыя падзеі на нашай Бацькаўшчыне-Беларусі. Выданьне ў электронным фармаце дазволіць быць больш гнуткімі ў плане выкарыстання відэа- і фотафарматаў у асьвятленьні мэрапрыемстваў і падзей

Электронны варыянт газэты  будзе размяшчацца на адмысловым інтэрнэт- сайце  https://bielarus.info.

Акрамя сайту плянуецца і разьвіцьцё ў сацыяльных сетках. Ужо зараз можна падпісацца на старонку ў Твітары, дзе навіны будуць размяшчацца максымальна хутка: https://twitter.com/BielarusI

Газэта “Беларус” застаецца галоўным друкаваным органам Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) і ўсе навіны арганізацыі будуць друкавацца ў ім і распаўсюджвацца ў першую чаргу праз сацыяльныя сеткі арганізацыі https://www.facebook.com/groups/BAZANewYork

Гэдакцыя газэты “Беларус”  адчынена да супрацоўніцтва. Калі вам ёсць што сказаць, калі хочаце даслаць свае навіны, меркаваньні, прапановы,  дасылайце, калі ласка, свае лісты на гэты эмэйл: editor@bielarus.info

Вітайце, шаноўныя чытачы, абноўленую газэту “Беларус” у новым фармаце. Застаемся з вамі з павагай да папярэдніх пакаленьняў выдаўцоў газэты  і з надзеяй на тое, што захаваем зробленае імі і ўздымем наша паважанае выданьне на больш высокі ўзровень адпаведна патрабаваньням нашага часу.

Жыве Беларусь!

Новы склад Рэдакцыі:

Ганна Сурмач – адказны рэдактар

Міхал Чаропка – намесьнік адказнага рэдактара

Натальля Федарэнка – сябра 

Тацьцяна Красоўская – сябра, скарбнік

Алесь Пазьняк – сябра

Вячаслаў Бортнік- сябра

Аксана Пятрашка – сябра

Мікалай Шыдлоўскі – сябра