У ЗША адбылася 34-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі

Падобныя Сустрэчы пачалі ладзіцца беларускай эміграцыяй ў ЗША і Канадзе з 1952 году.

 Мэрапрыемства сабрала беларусаў ад Флорыды да Таронта, якія прыехалі, каб пабачыць адзін аднаго, абмяняцца думкамі й ідэямі.

Арганізатарам івэнту выступіла Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (BAZA) пры падтрымцы Згуртаваньня беларусаў Канады. Сустрэча прайшла 3-4 верасьня ў Беларускім цэнтры пры саборы Сьв. Эўфрасіньні Полацкай ў Саўт Рыверы (Нью Джэрзі) з удзелам беларускіх ініцыятыў, арганізацый й суполак ЗША і Канады.

Адчыніў Сустрэчу сямейны гурт Kozak Family Ethno Trio (Валянціна Пархоменка, Алесь Казак і Вольга Казак-Анлар) выкананьнем гімну ЗША і духоўнага гімну Беларусі “Магутны Божа”.

Вядоўцамі абодвух дзён Сустрэчы былі Міхась Чаропка і Натальля Федарэнка (BAZA), якія нагадалі, што падобныя Сустрэчы традыцыйна ладзяцца раз на два гады. Але ў выніку пандэміі каранавірусу апошняя адбылася ў 2018 годзе.  

Некаторыя з запрошаных на мэрапрыемства гасьцей не змаглі на ім прысутнічаць асабіста, але даслалі свае звароты да ўдзельнікаў Сустрэчы. Так госьці Сустрэчы былі ўсьцешаныя праглядзець відэазварот-прывітаньне Івонкі Сурвіла, старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы

Спадарыня Сурвіла нагадала, што такія Сустрэчы пачалі ладзіцца беларусамі Паўночнае Амэрыкі, каб выказаць сваю любоў да паняволенай Бацькаўшчыны і паўтарыць вернасьць ідэалам 25 сакавіка. Таксама Старшыня Рады БНР зьвярнула ўвагу на тое, што неабходна прыцягваць маладую эміграцыю да стваральнай дзейнасьці на беларускай ніве і нагадала аб небясьпецы з боку расейскага агрэсара, якая ўвесь час застаецца актуальнай для Беларусі. 

Зянон Пазьняк у сваім аўдыёзвароце распавёў пра ўнутраную і зьнешнюю акупацыю Беларусі, дзейнасьць акупацыйных карных ворганаў. Ён нагадаў пра лёзунг змаганьня за Беларусь – “Беларусь перад усім” і пра стварэньне суполак нацянальна-вызвольнага руху.

Зварот Зянона Пазьняка

Пісьмовае прывітаньне было даслана ад кіраўнічкі Супольнасьці Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай і старшыні Рады СБС “Бацькаўшчына” Ніны Шыдлоўскай. У сваім лісьце кіраўніцтва СБС “Бацькаўшчына” віталі ўдзельнікаў Сустрэчы, зычылі плённай працы і выказвалі спадзеў на далейшае супрацоўніцтва.

Алена Лявончанка, старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады (ЗБК) ў сваёй прамове нагадала, што гэтая Сустрэча беларусаў – юбілейная:

“Першая Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі адбылася ля Ніагарскага вадаспаду на канадыйскім баку дзякуючы намаганьням Вінцэнта Жук-Грышкевіча, аднаго са старшыняў БНР. Вельмі цешыць, што гэтая традыцыя ўжо працягваецца 70 год. І самая галоўная каштоўнасьць людзей, якія сабраліся на Сустрэчу – гэта тое, што ім неабыякавая Беларусь. Бо павага і любоў да Беларусі застаецца на ўсё жыцьцё! І нам усім патрэбна перамога”. 

Юрась Беленькі, прадстаўнік беларусаў Мінесоты, дэпутат Вярхоўнага Савета XII скліканьня нагадаў прысутным, што беларуская дыяспара ў свой час захавала нацыянальныя сымбалі – бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”, якія адрадзіліся на некаторы час, калі Беларусь здабыла незалежнасьць. Спадар Беленькі таксама распавёў аб значнай ролі дыяспары ў захаваньні і аднаўленьні самасьвядомасьці беларусаў.

“У 1991 годзе мне быў 31 год. Бальшыня апазыцыі Беларускага Народнага Фронту тады былі маладыя. Але мы ўжо былі ўзбагачаныя прыкладам трыманьня сымбаляў нацыянальнага Адраджэньня. Бальшыня тагачаснага Вярхоўнага Савету ня ведала пра БНР, Вялікае Княства Літоўскае… Людзі на гэтым баку акіяну зрабілі важную рэч, каб адрадзілася незалежная Беларусь. Сёньня тыя хто тут, таксама павінны змагацца за Беларусь”, – распавёў спадар Беленькі.

Далей прамаўлялі прадстаўнікі маладой беларускай дыяспары, сябра Асацыяцыі Беларусаў Амэрыкі (АБА): Жана Чарняўская (Belarus Freedom Forum, Суполка Беларусаў Чыкага), Яўген Сокалаў (Беларусы Бостану і Новай Англіі), Піліп Гаўрышаў (стваральнік INeedHelpBY, Фларыда), Сяржук Шаліга і Глеб Івашкевіч (Belarus Freedom, Філадэльфія), старшыня АБА Надзея Нортан і Наста Хадкевіч (Беларусы Сан-Францыска і Бэй Эрыі) і іншыя.

“Дзякую ўсім беларускам Амэрыкі, якія далучаюцца да беларускага руху. Гэтага б не было без Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня і Згуртаваньня беларусаў Канады. Нават свой Статут мы пісалі на аснове й з дазволу BAZA. Для нас важна пераемнасьць, сувязь генэрацый. Жыве Беларусь!”, – падкрэсьліла Надзея Нортан.

Сакратар галоўнай Управы BAZA Міхал Чаропка ў сваёй прамове-справаздачы коратка распавёў пра дзейнасьць BAZA ў Амэрыцы, петыцыі ў ААН, распрацоўку важных дакумэнтаў. Таксама ён распавёў пра новы сайт і фармат часапісу “Беларус”. 

Вядоўца Натальля Федарэнка ўзгадала пра каардынацыйны цэнтр дапамогі беларускім ваярам ва Ўкраіне, які быў утвораны пры катэдральным саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. 

Каардынатар цэнтру Андрусь Дундукоў прапанаваў хвілінай маўчаньня ўшанаваць памяць 13 загінулых ва Ўкраіне беларускіх ваяроў. Таксама Андрусь распавёў пра маштабы дапамогі беларускім дабраахвотнікам, супрацу з беларускімі эміграцыйнымі суполкамі, фінансавыя зборы і закуп абсталяваньня, лагістычныя ланцугі. Каардынатар выказаў падзяку паліцыі Нью-Ёрка за дапамогу ў набыцьці медычнай дапамогі. 

Выступілі таксама Алесь Кот (ЗБК, сябра Рады БНР), Павал Куцавол (Human Rights Foundation), Зьміцер Левіт (ветэран амэрыканскага войска). Гэта былі далёка ня ўсе выступы, бо кожны жадаючы мог узяць слова.

Таксама ў сустрэчы прыняў удзел старшыня Вашынгтонскага аддзелу БАЗА Яўген Барысевіч

На Сустрэчы беларусы прадавалі кнігі, сувэніры, цішоткі, заробленыя кошты з якіх пайдуць на падтрымку беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне.

Першы дзень 34-ай Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі быў завэршаны цудоўным канцэртам. У канцэрце прымалі ўдзел ужо ўзгаданы Kozak Family Ethno Trio (Валянціна Пархоменка, заслужаная артыстка Беларусі, Алесь Казак, Вольга Казак-Анлар), а таксама Зісл Слеповіч (клезьмер-кларнетыст, саксафаніст, спявак на ідыш, кампазітар), Надзя Чэчэт (сьпявачка) і Яўген Магаліф (вядомы беларускі кампазітар). Пад сьпевы музыкаў можна было і пасумаваць аб беларускай долі і весела патаньчыць у карагодзе. Чым скарысталіся прысутныя. 

Кульмінацыяй канцэртнай часткі быў Беларускі пэрформанс “Чараўніца”, у якім 9 прыгажунь дэманстравалi сучасныя беларускiя сукенкi, танцавалі і вадзілі карагоды паміж гасьцей. Аўтар праекту Юлія Калбыка прыехала адмыслова з Чыкага. Мадэлi – прыгажунi з Нью-Джэрзi ды Фiладэльфii. Падчас пэрформансу заля напоўнiлася цёплынёй, сьветам i неверагоднай жаночай энэргiяй.

Другі дзень Сустрэчы пачаўся з набажэнства ў саборы Сьв. Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў Гайлянд Парку і саборы Сьв. Эўфрасіньні Полацкай ў Саўт Рыверы. Яны былі прымэркаваныя да 100-годзьдзя Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. У Гайлянд Парку служэньне прайшло пад кіраўніцтвам архіяпіскапа БАПЦ Сьвятаслава.

У 14 гадзін пачалася дыскусія за круглым сталом “Новыя мэты і задачы беларускай дыяспары Паўночнай Амэрыкі ва ўмовах акупацыі Беларусі й вайны ва Ўкраіне”. На ім былі прынятыя агульныя рашэньні й дакуманты, якія будуць накіраваныя да кіраўніцтва ЗША, Канады і ААН. 

А ўжо ўвечары пасьля афіцыйнай часткі, удзельнікі працягнулі адпачынак на сьвежым паветры каля будынку беларускага цэнтру. Бавілі час за сяброўскімі размовамі, смажылі барбекю, гралі ў валейбол. Адначасна госьці мелі магчымасьць атрымаць асалоду ад музычнага выступу сямейнага гурта Тацьцяны і Валянціна Дзямешчыкаў. 

Тэкст: Алесь Пазьняк

Фота і відэа: Алесь Пазьняк, Аляксандр Хомчанка