БЕЛАРУСКІЯ ВАЛАНЦЁРЫ УКРАІНСКАГА ФРОНТУ

Расейская акупацыя Беларусі і напад Расейскай Федэрацыі на Украіну — дзікая, барбарская, сярэднявечная вайна з боку расейцаў супраць украінцаў,  вынішчэньне ўкраінскага насельніцтва, жудасныя злачынствы расейскай ваеншчыны супраць чалавецтва скаланулі сэрца і розум многім людзям. Эўропа і цэлы сьвет пабачылі крывавае аблічча дзяржаўнага расейскага нацызма, які паўстаў разам з ідэялёгіяй і агрэсіяй “русского міра”,  гэтага  пачварнага расейскага монстра, які ненавідзіць вольныя народы, нацыі і культуру.

Акупацыя і вайна выявілі сапраўдную цану людзям. Шмат якія беларусы, знаходзячыся пад гнётам беззаконьня і рэпрэсій антынароднага рэжыму, зьдзеку і вынішчэньня, знайшлі ў сабе сілы для супраціву акупантам і волю дзеля дапамогі ўкраінцам. 

Беларусы замежжа паехалі дабраахвотнікамі ваяваць супраць рашыстаў за Украіну, іншыя сталі зьбіраць сродкі дапамогі для ўкраінцаў, стварылі валанцёрскія арганізацыі для забесьпячэньня ваенным рыштункам украінскай арміі і беларускіх змагароў за Украіну (батальён Каліноўскага і іншыя групы). Людзі ахвяруюцца сваім часам, працай, заробкам, дабрабытам дзеля дапамогі братам па змаганьні, бо кожны валанцёр-беларус разумее, што рускага мордара трэба спыніць, зьнішчыць і разьбіць, што ад перамогі ўкраінцаў будзе залежыць таксама і вольная будучыня Беларусі.

 У Польшчы, у Злучаных Штатах, у Канадзе – усюды, дзе жывуць беларусы,  ёсьць разуменьне трагедыі Беларускай нацыі, якую вынішчае прамаскоўскі акупацыйны рэжым, ёсьць салідарнасьць з Украінай і падтрымка справядлівай барацьбы ўкраінцаў з маскоўскім агрэсарам за існаваньне, волю і незалежнасьць сваёй Айчыны. 

Тут падаем расповяд у форме інтэрв’ю пра Беларускі валанцёрскі цэнтр ў Нью Ёрку, які дзейнічае пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы у Брукліне. Дзейнасьць цэнтра падтрымліваецца Парафіяй Сабору і Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА). 

Галіна Пазьняк размаўляла з актыўнымі працаўнікамі гэтага цэнтру – Андрусём, Віктарам і Валерам (празьвішчы не называем з меркаваньняў ваеннага часу). 

ВЫБАР

Андрусь і Віктар — беларускія валанцёры ўкраінскага фронту, пасябравалі яшчэ на Бацькаўшчыне ў Беларусі, разам займаліся спортам, у лукашысцккай турме сядзелі разам за апазыцыйную справу, потым выйшлі з турмы і разам дабраліся да Амэрыкі. 

Галіна Пазьняк (далей – Г.П.): Як атрымалася, што вы сталі валанцёрамі ўкраінскага фронту?

Андрусь (далей – А.): 24 лютага я глядзеў навіны і даведаўся, што пачаліся абстрэлы Украіны з боку Расеі.  Я патэлефанаваў сябру Паўлу, які знаходзіўся ў ЗША на спартовых зборах. Павал – беларус, удзельнік Алімпійскіх гульняў, майстра спорту міжнароднага клясу. Ён кажа: “Прыязджай, мяне забірай. Я еду на вайну.”

Я скокнуў у машыну, еду, зьбіраю торбы для Паўла. Частку рэчаў аддаў Віктар, частку я, плюс яшчэ на двух хлопцаў і нешта для трэцяга жаўнера — тое, што ў нас было. Першых нашых беларускіх дабраахвотнікаў мы экіпіравалі. Мы аддалі свае шлемы, свае бронекамізэлькі, усялякія падсумкі, дзяжкі і іншыя рэчы, і хлопцы былі цалкам падрыхтаваныя (акрамя зброі).

Г. П.: Выглядае, штоў вас ужо было ўсё патрэбнае для вайны?

А.: Усё неабходнае, каб перайсьці з цывільнага жыцьця да вайсковага, у нас было. Мы з Віктарам ўсё жыцьцё займаліся актыўным адпачынкам і ўдзельнічалі ў розных спаборніцтвах. Пэўныя спартовыя спаборніцтвы патрабуюць наяўнасьць такіх рэчаў. У некаторых спаборніцтвах ты ня можаш удзельнічаць, калі ў цябе няма сваёй зброі, свайго пісталета, сваёй бронекамізэлькі. Гэта абавязковы рыштунак. Таму ў нас усё гэта было. Гэта ўсё каштуе дорага, але мы не задумваючыся аддалі нашым хлопцам, бо мы сабе тут яшчэ набудзем, а хлопцам гэта патрэбна менавіта зараз.Таму нашым хлопцам, якія сьпешна зьязджалі са Злучаных Штатаў на вайну ва Украіну, не трэба было хвалявацца за асабісты рэштунак, мы адразу ж прывезьлі ўсё і распавялі, як чым карыстацца. 

Далей зьвязаўся з іншымі беларусамі. На раніцы другога дня вайны мы сустракаемся, ідзем па крамах, набываем ўсё, што змаглі з іх выграбсьці: навушнікі, рэчы медычнага прызначэньня, нейкія хімічныя сродкі, нажніцы для разразаньня вопраткі пры аказаньні першай дапамогі і г. д. 

Г. П.: Бяз вашай дапамогі (ня толькі вашай асабістай, але і шмат каго іншых),  экіпіраваць беларускіх жаўнераў на фронце  было б цяжка. 

А.:З першага дня вайны нашыя сябры-беларусы трапілі да ўкраінскай тэратэрыяльнай абароны, і ўсё, што ім там выдалі — гэта “падсумак” на чатыры “магазіны”, камусьці пашанцавала і яму далі яшчэ рэмень, аўтамат і патроны. І ўсё. З такім малым рыштункам шмат не наваюеш, сучасная вайна – ня танная і вайсковае забесьпячэньне дарагое. 

З гэтага і пачалася нашая праца, каб у нашых людзей было ўсё неабходнае, што забясьпечвае ахову жыцьця ваяроў на вайне. 

Г. П.: Вы з Віктарам кінулі дзеля валанцёрства сваю працу. Але, бяз працы ў Амэрыцы выжыць немагчыма, як вам даводзіцца  самім выжываць?

А.: Так, мы з Віктарам часова не працуем, я спадзяюся, што на пару тыдняў ці на месяц у нас яшчэ грошай хопіць. Потым прыдзецца зноў вяртацца да працы, бо на тыя грошы, што намі былі зароблены раней, доўга тут не пражывеш. Відаць прыдзецца мяняць працу, напэўна, на цяжэйшую, але каб было больш вольнага часу, каб працаваць 2-3 дні, астатняе —  на нашую валанцёрскую патрэбу. 

Пэўныя сувязі і шляхі ўжо наладжаны, але ўсяроўна яны займаюць шмат часу. Зараз жа мы з Віктарам не займаемся нічым іншым, акрамя валанцёрскай арганізацыйнай  працы: зьбіраем грошы, арганізоўваем, закупляем рыштунак, адпраўляем. 

Да нашай валанцёрскай працы далучыўся яшчэ сябра Валера, які працуе кіроўцам “траку”. Ён шмат ахвяруе грошай на вайну, каб задзейнічаць валанцёрства. Ён мне сказаў: “За тваю кватэру плаціць буду я, каб ты не адхіляўся на такія клопаты. Займайся, чым трэба займацца”. 

Г. П.: Днямі я размаўляла па тэлефоне з Валерам. Вось што ён мне распавёў.

Валеры: Як толькі пачалася вайна 24 лютага, я таксама хацеў стартаваць ва Украіну. Мы з хлопцамі доўга размаўлялі. Мне казалі: “З цябе ваяр – так сабе. Што ты ведаеш пра тактыку боя? Анічога. Не валодаючы ваеннай падрыхтоўкай – ты цяжар для іншых жаўнераў. У нашай вызвольнай справе, на аднаго байца павінна працаваць у тыле каля 12 чалавек, калі ты здолееш забяспечыць хлапцоў неабходным рыштункам гэта будзе лепшы ўнёсак у агульную справу. Ты тут сам можаш зарабляць рэсурсы на фронт. Сёньня жадаючых ваяваць больш, чым зброі. Але, ня кожны можа зарабляць і ахвяраваць грошы”. Мы прынялі такое агульнае рашэньне: дапамагаць тым, хто на фронце, каб яны засталіся жывымі і перамаглі.

Кожны з нас выбірае, дзе яго ўдзел будзе больш патрэбным. Таму на дадзены момант мы прынялі такое рашэньне. Праўда, нашае рашэньне застацца тут і дапамагаць  было для нас даволі цяжкім,  хацелася таксама далучыцца да тых, хто змагаецца там, на лініі фронта. 

А.: Усё так. Валеры нам вельмі моцна дапамагае з першага дня. Калі звоніш яму і кажаш, што ў нас закупка і нам не хапае некалькі тысячаў даляраў, ён проста адразу закрывае сваімі грашамі гэтую праблему, плюс ён дае вельмі добрую рэкляму сярод сваіх “дальнабойшчыкаў”, з якімі працуе. Людзі тэлефануюць і кажуць, што яны ад Валеры, які ім сказаў, што трэба тое і тое. Давайце гэта зробім.Валеры дапамагае вельмі моцна. 

Г. П.: Андрусь, пра сваё валанцёрства вы распавядаеце, як чалавек дасьведчаны. Адкуль у вас гэты досьвед?

А.: Я служыў у войску ў 103-й асобнай мабільнай брыгадзе, быў гранатамётчыкам і восем гадоў праслужыў у МНС (Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў). Зброі там  не было, але ўвесь астатні рыштунак падобны, толькі скіраваны на выратаваньне. Я працаваў з вайсковай і авіяцыйнай тэхнікай, з вадалазнай тэхнікай, працаваў як ратавальнік, які аказвае дапамогу пры зруйнаванні будынкаў,  як ратаўнік, які ратуе людзей з пажараў і ў аўтамабільных катастрофах, плюс я ўмею страляць.

Г. П.:  А Віктар?

А.: Ён прапаршчык вайсковы, прычым складзскі. Ён дасьведчаны ў тылавых справах, добра разьбіраецца, што-як лепш захоўваецца, як перавозіцца, як  маркіруецца машына. У лагістыцы ён разьбіраецца значна больш за мяне. Таму ў тандэме вельмі добра атрымалася працаваць. 

Мы з Віктарам валанцёрствам пачалі займацца даўно, з 2014 года, калі пачалася ўкраінска-расейская вайна, бо Украіна заўсёды была для нас братняй краінай. З Расеяй жа мы, беларусы, ваявалі ўсю сваю гісторыю. За саветамі нашу беларускую гісторыю ад людзей хавалі і беларусы ня ведалі праўды пра гэта. 

ВАЛАНЦЁРСКАЯ ПРАЦА

Г. П.: Валанцёры – гэта асобы, якія дабрачынна дапамагаюць людзям у іхным мірным жыцьці перадолець розныя цяжкасьці і праблемы. А калі ідзе вайна, тут могуць быць розныя іншыя віды валанцёрства, так?

А.: Мы хутчэй валанцёры тылавога забесьпячэньня. Мы займаемся выключна забесьпячэньнем неабходнымі для вайны рэчамі. 

Валанцёраў, якія дапамагаюць войску – безьліч. Яны займаюцца і закупкай розных рэчаў (ад ваеннай амуніцыі да прадуктаў харчаваньня), і нарыхтоўкай прадуктаў харчаваньня (адмыслова сушаць гародніну, мяса, каб на лініі сутыкненьня з ворагам людзі асабліва не задумваліся, што ім есьці). У ваяроў ёсьць рацыён на некалькі чалавек, яны высыпаюць свае пайкі ў адно вядро з кіпенем і праз некалькі хвілінаў у іх усё гатова. 

Валанцёры ў Адэсе зьбіралі пясок на пляжы ў мяшкі, каб абкласьці імі помнікі культуры, каб зрабіць абарончыя пабудовы ў горадзе. Хтосьці шые дабрачынна. Дзяўчаты ва Украіне для ваяроў плятуць маскіровачныя сеткі (якіх заўсёды не хапае). Таксама яны штосьці пакуюць, перапакоўваюць, каб паслаць на фронт, вядуць анкеты. Ёсьць валанцёры, якія займаюцца выключна дастаўкай на фронт розных рэчаў. Тут разнастайная праца. Хтосьці займаецца медыцынай, зьбірае лекі, хтосьці эвакуацыяй параненых. А ёсьць яшчэ гуманітарны аспэкт: гэта і ўцекачы-бежанцы, і дзеці, і жывёла.

Г. П.: Зараз у Эўропе, асабліва ў Польшчы, шмат людзей займаецца валанцёрствам. І тут вельмі важная каардынацыя. 

А.: Так, трэба абменьвацца інфармацыяй, дзе што лепш можна набыць.. Напрыклад, за адзін заплечнік у ЗША можна набыць 8 заплечнікаў ва Украіне і вельмі якасных. Гэта ўсё трэба адсочваць, каб ведаць і працаваць эфэктыўна.

Наша дзейнасьць – адзін з такіх накірункаў, бо мы дасьведчаныя ў вайсковым рыштунку і можам набываць правільныя і патрэбныя рэчы. Сярод вытворцаў для вайсковых патрэбаў існуе шмат кітайскіх падробак. Вось аптэчкі. Частку з іх можна ўжываць толькі ў трэніровачных працэсах, на фронце іх выкарыстоўваць нельга. І так шмат чаго. Трэба ва ўсім разьбірацца. Ёсьць рэчы вайсковага прызначэньня і ёсьць вельмі падобныя, хоць такімі не зьяўляюцца. 

Для нас з Віктарам гэта ня першы год валанцёрства і трохі разумеем, што патрэбна непасрэдна на месцы. Адна і тая ж рэч розных вытворцаў можа быць зусім розная па якасьці. Напрыклад, жгут можна набыць за 12 даляраў і за 30. Зьнешне яны выглядаюць амаль аднолькава. Але гэта два розныя жгуты па сваіх якасьцях.Так, амэрыканскія даражэйшыя за кітайскіх, яны правераныя і лепшыя.

Г. П.:  А чым яны лепшыя?

А.: Па-першае, яны прайшлі ўжо сем пакаленьняў. Амэрыканцы вельмі добра зьбіраюць статыстыку: яны глядзяць, колькі іх парвалася, колькі іх было няправільна накладзена і чаму, і яны з гэтага робяць высновы, удасканальваючы кожнае наступнае пакаленьне выраба. Атрымалася, што ў сёмай генэрацыі турнікета “САТ” (гэта  жгут) ён стаў шырэйшым за папярэднія. Вось паглядзіце: вось сапраўдны, а вось несапраўдны.

Г. П.:  Але зьнешне яны абсалютна падобныя.

А.: Так, зьнешне вы іх не адрозьніце. Але, на сапраўдным на зваротным баку выраба ёсьць усе патрэбныя штампы, чаго няма ў “несапраўдным”. Істотная рэч — маленькія кіёчкі, якія заціскаюць крываток і маленькая страпа, якая ўнутры шырокай страпы. Бывае, што пры зацісканьні нават на трэніроўках (ня кажучы ў баявых умовах) гэтая страпа проста рвецца. І вось вы набылі для жаўнера такі “турнікет”, а ён ня ведае, можна яму давяраць, ці не. А вось гэты, сёмага пакаленьня, — выпрабаваны часам, і ў сёмым пакаленьні вырабу амэрыканцы прыйшлі да такога вось узору “турнікета”, які Вы бачыце.

Г. П.: І колькі ён каштуе?

А.: Мы іх набываем па 22-24 даляры, а так ён каштуе 26-28 даляраў, дзе-нідзе каштуе і 30. 

АДНОСІНЫ АМЭРЫКАНЦАЎ ДА ВАЙНЫ ВА УКРАІНЕ

Г. П.: Гэта амэрыканцы вам робяць ськідку?

А.:Так, нам робяць скідку два амэрыканскія прадпрыемствы. Адно з іх знаходзіцца ў Фларыдзе, другое – у Нью-Ёрку. Яго трымае паліцыянт, які аказвае дапамогу паліцыянтам пры правядзеньні паліцэйскіх акцыяў, калі некага паранілі  падчас затрыманьня злачынцаў. Ён таксама праводзіць трэнінгі, і вось у яго мы набываем мэдычныя камплекты. Першы чалавек, да каго мы зьвярнуліся, гэта быў ён, і прадае нам па значна ніжэйшаму кошту, чым звычайным пакупнікам.

Г. П.: А як вы яго знайшлі?

А.: У гэтага паліцыянта Шона Солера з Нью-Ёрку мы праходзілі курс па аказаньні першай дапамогі пасьля масавай стральбы (займаліся для сябе).

Г. П.:  Ён робіць зніжкі, таму што вы купляеце шмат, ці таму, што ён спачувае Украіне?

А.: Таму што ён спачувае Украіне і беларусам, якія далучыліся да узброеных сіл Украіны. Ён на свае вочы ўбачыў беларуса, які збіраўся ехаць туды, на іншы кантынэнт, ваяваць і які проста вёз з сабой дзьве торбы неабходнага на фронце. Ён вельмі моцна ўзрушыўся і сказаў: “У любы момант зьвяртайцеся, калі штосьці трэба. Мы заўсёды будзем супрацоўнічаць”.

Г. П.:  Ён амэрыканец?

А.: Так, амэрыканец. У яго няма ніякіх каранёў ні з Украінай, ні з Беларусяй. Для яго гэта – іншы кантынент. Ён у свой час сказаў (калі мы прайшлі ў яго трэнінг), што мы “адна вялікая сям’я”. Мы думалі, што гэта, так бы мовіць, для “прыгожага слоўца”: сказаў і забыўся. Але, для амэрыканца, як яны кажуць, так яно і ёсьць.

Г. П.: — Што яшчэ вы набываеце?

А.: Безьліч рэчаў. Бо вайна, на жаль, зараз вельмі тэхналягічная і патрабуе вялікіх сродкаў. Хаця, вайна заўсёды каштавала дорага. На жаль, амэрыканскія законы не дазваляюць вывозіць рэчы падвойнага вайсковага прызначэньн (чалавеку дазволена браць з сабой толькі 1 бронекамізэльку і 1 шлем.) Таму мы ня можам іх перасылаць ва Украіну. Але мы набываем усё тое, што дазволена. 

Г. П.: А ў звычайных амэрыканцаў ёсьць якое-небудзь разуменьне-спачуваньне украінцам, ці проста вось прадаюць нейкія рэчы і ўсё?

А.: Амэрыканцы, з якімі мы  супрацоўнічаем, вельмі адгукаюцца: робяць добрыя зьніжні для тых, хто едзе ва Украіну альбо робіць закупы для Украіны. Вось калі я гандляру-амэрыканцу распавядаў пра свайго кума, які хрысьціў маё дзіця і зараз ён на вайне, ён перадаў яму вельмі добры нож, які каштуе 150 даляраў. І такіх выпадкаў вельмі шмат, хоць і ў амэрыканцаў нямала сваіх праблемаў. У іх жа шмат сваіх ветэранаў, і для амэрыканцаў гэта як бы такая далёкая вайна. Але тыя, з кім мы сутыкаемся (асабліва сярод былых вайскоўцаў), вельмі прыязна ставяцца да людзей, якія едуць на вайну, бо разумеюць, што Расея – гэта такі пэрманэнтны вораг. Яны ведаюць, што такое Расея. 

ПАТРЭБЫ І ЗАБЕСЬПЯЧЭНЬНЕ ЖАЎНЕРАЎ  

А.: У першыя ж дні вайны тэрытарыяльных абаронаў ва Украіне зьяўлялася шмат, а забесьпячэньне для іх было вельмі нізкім. У нейкіх гарадах лепей, у нейкіх горш. Камандаваньню батальёна Кастуся Каліноўскага атрымалася ўвайсьці ў склад Збройных сілаў Украіны, а гэта ўжо зусім іншае забесьпячэньне. Хаця і зараз ёсьць праблемы, таму што людзей прызываецца шмат, а забясьпечыць можна не заўсёды. 

Г. П.: Значыць, беларускія дабраахвотнікі пакуль не забясьпечаны ўсім неабходным для байца?

А.: Трэба зразумець, што ўкраінцы ў першую чаргу забясьпечваюць сваіх жаўнераў, што натуральна. А іншаземныя батальёны, іншаземныя фармаваньні будуць забясьпечвацца пазьней. Таму нам трэба самім забясьпечваць сваіх людзей. Калі мы ня здолеем забясьпечыць іх, то ў баях яны ня будуць добра абароненыя. А бяз гэтага нельга ваяваць. Ёсьць такое выслоўе, што вайна, у першую чаргу, — гэта вайна рэсурсаў. Калі мы здолеем забясьпечыць сваіх хлопцаў, то ім будзе прасьцей выконваць пастаўленую задачу. Калі ў цябе ёсьць мэдычнае забесьпячэньне, калі ты разумееш, што ў выпадку раненьня кваліфікаваныя людзі давязуць цябе да шпіталя, то ты ўжо не задумваешся пра тое, што трэба будзе рабіць у выпадку раненьня. Ваяр ужо адчувае ўпэўненасьць. Калі чалавек упэўнены – ён больш канцэнтруецца на выкананьні задачы. А гэта асноўнае падчас ваенных дзеяньняў.

Г. П.:  Вам трэба пастаянна  мець інфармацыю колькі і якія рэчы трэба набываць.

А.: Так,так. Ёсьць першасныя патрэбы забесьпячэньня ваяра, а ёсьць нейкія групавыя забесьпячэньні. Скажам, мэдыцынскія заплечнікі – гэта групавая патрэба. Рыдлёўкі вялікія, якія хлопцы набываюць у Кіеве, таксама больш групавыя, чым індывідуальныя. 

Г. П.: А патрэбныя таксама і індывідуальныя.

А.: Так, патрэба ў іх вельмі вялікая.

Г. П.: І колькі можа каштаваць індывідуальная рыдлёўка?

А.: Самая танная, якую мы знайшлі і якая больш-менш адпавядае патрэбам у вайсковых дзеяньнях, гэта за 14 эўра, яна была выпушчана ў 1960 годзе. А калі мы бярэм сучасныя рыдлёўкі, то гэта 70 эўра. 

Г. П.: Розьніца істотная. Рыдлёўка патрэбная кожнаму байцу, так?

А.: Так, рыдёўка павінна быць у кожнага. Калі браць па закупах рыштунка на аднаго байца сярэдняй якасьці забесьпячэньня (ня самае дарагое), то на аднаго чалавека ідзе ад тысячы (гэта самае таннае і бяз бронепласьцін) да трох-чатырох тысячаў даляраў – толькі тое, што вельмі патрэбна і зношваецца хутчэй. А так – пад  5 тысячаў. Вось, напрыклад, чахол для бронекамізэлькі, яго можна набыць за 210 даляраў, а можна за 100.

Г. П.:  Але, відаць яны розьняцца па якасьці ?

А.: Так, за 210 даляраў у разы зручнейшы. Гэта рэч цяжкая: мы ў яе ўстаўляем  бранявыя пліты, вешаем на яе дадатковыя падсумкі, і яна (гэтая бронекамізэлька) пачынае важыць каля 8 кг. І ў гэтым трэба хадзіць да 24 гадзін на суткі. Ад зручнасьці такой простай рэчы, як бронекамізэлька, залежыць тое, наколькі ваяр будзе сябе добра адчуваць. Бронекамізэлька за 100 долараў будзе сядзець прыкладна гэтак жа, як і за 210, але калі мы бярэм 3-5-7-10 дзён, то адчуваньне зусім адрозьніваецца, як на плячах, так і ва ўсім целе. Плюс важны момант – патрэба ў якаснай пэўнай тканіне. Таму што ў вайскаўцаў (у адрозьненьне ад цывільных людзей, якія карыстаюцца ў сваім звычайным жыцьці заплечнікамі і могуць набыць сабе тонкі заплечнік, які яму будзе добра служыць) вайсковы заплечнік павінен быць з тоўстай трывалай тканіны, бо ў ім будуць насіцца цяжкія рэчы, зь ім будуць поўзаць і за яго будуць цягнуць з поля боя, калі баец будзе паранены. Такія заплечнікі робяцца зь якаснай тканіны, якая ня можа каштаваць танна. І гэтак жа можна сказаць па кожнаму пункту амуніцыі. Вось боты. Можна набыць за 70 даляраў, а можна за 200. Даражэйшыя ня будуць мокнуць, бо ў іх стаіць добрая мэмбрана, і нага будзе адчуваць сябе камфортна, яны праслужаць даўжэй. У таньнейшых хутка ад вільгаці пачнуць распаўзацца ніткі і сам абутак, хаця зьнешне боты будуць вельмі падобныя. 

Г. П.: А як з памерамі – ва ўсіх жа памеры розныя?

А.:  Сазвоньваемся з людзьмі, якія зараз служаць, і зьбіраем сьпісы з патрэбамі. Нам прыходзяць сьпісы, скажам, 15 штук 41 памеру, 20 – 42-га, 4 – 45-га, 47-га і г. д. Мы складаем адпаведную заяўку і адпаведна з заяўкай пачынаем закуп.

Г. П.: А вось гэтыя прыборы начнога бачаньня, якія вы мне паказвалі, – яны жудасна дарагія.

А.: Мы пакуль яшчэ іх не закупалі, бо ёсьць пытаньні па вывазу. (Іх нельга вывозіць, гэта вайсковая спэцыялізацыя). Ёсьць украінскія арганізацыі, якія маюць на гэта адпаведныя ліцэнзіі. Будзем даведвацца, удакладняць, як можна вывезьці і ў якой колькасьці і тады будзем перадаваць і прыборы начнога бачання.

Г. П.: Выглядае, што грошай трэба шмат.

А.: Так, сто індывідуальных аптэчак – гэта недзе 8.5 тысяч даляраў. А адной аптэчкі для байца, зразумела, мала. Скажам, шлем каштуе ў залежнасьці ад таго, што на ім ёсьць – ад 300 да 500 долараў. Я ўжо не кажу пра больш сучасныя сродкі. Адзін добрыкаліматарны прыцэлкаштуе амаль 800 даляраў (гэта тое, што ставіцца на зброю і павялічвае хуткасьць прыцэлу іпераноса агня). Дорага. Яшчэ вялікі дзякуй, што хлопцы ваююць не сваімі патронамі. Бо калі ваяваць яшчэ сваімі патронамі – то было б яшчэ даражэй. 

Жаўнерам патрэбна вельмі шмат чаго. Напрыклад, адмысловыя ліхтары, у якіх павінна быць чырвонае сьвятло, адмысловыя дзяжкі, на якіх трэба пераносіць рыштунак, адмысловыя рыдлёукі. Аўтамат жывіцца з дапамогай “магазіна” – трэба “магазін”, бо іх выдаюць ня ў той колькасьці, у якой патрэбна. Гэтыя “магазіны” трэба ў нечым пераносіць – патрэбныя падсумкі для пераноса, плюс гранаты, якія зноў жа трэба пераносіць і патрэбны падсумкі пад гранаты. Рацыі — і іх таксама трэба пераносіць, значыць – падсумак пад рацыю, заплечнік, дзе пераносіцца вада, ежа, дадатковы боекамплект, прыстасаваньні, каб арганізаваць свой быт (той жа “дажджавік”, тое ж “понча”, каб зрабіць мінімальны навес на пазыцыі. Там безьліч рэчаў, якія трэба мець і насіць. І ўсё гэта каштуе грошай. 

Вось апошняе, што сталася: хлопцам раздалі камплекты зброі і яны бяз рэменя ў камплектацыі. Зброя і бяз рэменя страляе добра, але доўга насіць яе бяз гэтай дзяжкі вельмі цяжка. Значыць на кожную зброю трэба набыць і рэмень. І так адно чапляецца за другое, і выходзіць вельмі шмат патрэбаў.

Г. П.: Я ўражана, колькі ўсяго трэба. 

А.: Гэта толькі самае-самае першаснае. Але, чалавеку трэба яшчэ 2 камплекты зьнешняй вопраткі (нагавіцы-кіцель), трэба нейкая цёплая бялізна (гэта яшчэ 2 найменьні), 2 пласты тэрмабялізны, якія трэба памножыць яшчэ на два (бо яе ж трэба мяняць), плюс зьменныя шкарпэткі, зьменныя боты пажадана, нейкія тапкі хадзіць мыцца, плюс спальнік, плюс дыванок – ня кажучы пра рэчы, якія неабходныя для выкананьня заданьня. Такіх рэчаў набіраецца шмат. Мы жывем у іншыя часы, і гэта ўжо ня тое далёкае незразумелае  савецкае войска, якое зараз у Беларусі альбо ў Расеі. Чым лепш салдат забясьпечаны, чым лепш ён высыпаецца, нармальна паеўшы, тым лепш ён выконвае задачу на полі бою. Чым лепш ягоная экіпіроўка, тым больш ён абаронены ад раненьня. Так, усё вайсковае каштуе дорага, але ёсьць як бы за што плаціць. Трэба памятаць, што чалавечае жыцьцё – асноўнае. А на вайне ў ворага задача нанесьці як мага большую страту жаўнерам і максімальна зьнішчыць тэхніку. І хто з байцоў будзе лепш экіпіраваны і падрыхтаваны, той будзе лепш спраўляцца са сваёй задачай. Тады яны не адхіляюцца на розныя нязручнасьці. А тое, што зручнае, тое, на жаль, каштуе. Таму пытаньне грошай у нас стаіць востра. 

Калі вы самі сабралі грошы і ведаеце, што вы набылі і для каго яны пайшлі, — гэта непасрэдны ваш унёсак у пэўную справу. Таму самая якасная праца, гэта калі вы ўзялі  на сябе нейкі пэўны кавалак справы. Вось людзі з Сан-Францыска ўзялі на сябе абавязак набываць засьцерагальныя акуляры. Я ім скінуў спасылку на дакладныя абарончыя вайсковыя акуляры, якія трэба набыць і ў пэўнай вайсковай фірме. Я сам насіў гэтыя акуляры, ведаю, што яны добра бароняць вочы, трымаюць выстрал 12-га калібра, калі ў іх трапляюць, яны спыняюць асколкі. Гэта тое, што патрэбна вайскоўцу. Іх нам патрэбна зараз да трохсот. Яны набудуць сто – мы адправім сто (ці больш). Нашыя хлопцы атрымаюць добрыя акуляры. 

Вось мы зараз  набылі 20 мульцітулаў.

Г. П.: Гэта што?

А.: Мульцітул – гэта інструмант са шматлікім прызначэньнем. У вайсковым жыцьці ён вельмі патрэбны, асабліва, калі людзі пачынаюць працаваць зь нейкімі выбуховымі рэчамі. Нават звычайная чыстка зброі патрабуе рыштунку. Пласкагубцы (да прыкладу) на вайне вельмі “паляпшаюць” жыцьцё, а іх ні ў адной замове не было. Я са свайго досьведу ведаю, што гэтая рэч вельмі патрэбная. І мы закупілі 20 штук. 

Ні ў адной замове няма газавых газьнічак (гарэлак). А гэта тое, што неабходна ў халоднае надвор’е. Калі байцы ў памяшканьні з добрымі сьценамі, яны могуць зрабіць сабе кіпень (ёсьць сьвятло ці не) Аднаго балона на 10 чалавек пры разумным карыстаньні можа хапіць на тыдзень.

У розных падразьдзелаў ёсьць свае нюансы. Некаторыя беларусы служаць у артылерыі. У іх няма генератара. Патрэбны сонечныя батарэі. 

Г. П.: Вы расказалі пра вайсковае забесьпячэньне байца. Але ж яшчэ пытаньне і ў харчаваньні – яны ж ня могуць галодныя ваяваць.

А.: З харчаваньнем прасьцей. Гэтым займаюцца адпаведныя службы ўзброеных сіл. Жаўнерам на лініі сутыкненьня з ворагам трэба спэцыфічныя прадукты, што хутка гатуецца з дадаткам кіпеня. Каб аддзяленьне было забясьпечана вадой – патрэбныя фільтры, бо калі людзі пап’юць кепскай вады, яны ўжо хворыя і ня могуць выконваць вайсковую задачу. Адзін групавы фільтр каштуе каля 70 даляраў. Ім можна адфільтраваць шмат вады (ад 4-х да 15 тысячаў літраў вады), а потым трэба другі.

БРОНЕКАМІЗЭЛЬКА

Г. П.: А што сабой уяўляе бронекамізэлька ?

А.: Бронекамізэлька – гэта такая наборная штука. Гэта мінімум дзьве бронепласьціны (грудзі і сьпіна), якія ўстаўляюцца ў адмысловы чахол, плюс супрацьасколачныя бакавыя альбо пакеты, альбо такія штукі, каб мацаваць камізэльку (заднюю і пярэднюю пласьціны). Яны з адмысловай ліпкай тканіны, і бакавыя ўстаўкі супрацьасколачныя.

Г. П.: І такая бронекамізэлька колькі можа каштаваць?

А.: Сам “кавар” (такі добры) без бронепласьціны – каля 200 даляраў і да яго 2 пласьціны – ад 300 да 600, у залежнасьці ад класа аховы і матэрыялу. 

Тут трэба сказаць, што беларусы ў Чэхіі зрабілі немагчымае: яны набылі бранёвую сталь і самі пачалі рэзаць, гнуць мэтал і абшываць яго патрэбнымі супрацьаскепкавымі матэрыяламі.

Г. П.: Гэта менавіта, калі пачалася вайна?

А.: Так, расейцы загадзя рыхтаваліся да вайны і пабралі на сябе вельмі шмат кантрактаў на падстаўныя фірмы, каб не было на рынку складнікаў для бронекамізэлек. Буйны вытворца вайсковых бронекамізэлек “Вэлмет” ва Украіне сутыкнуўся з тым, што ў іх ня стала магчымасьці наладзіць вытворчасьць. Акрамя таго ў першы тыдзень вайны рускія разбамбавалі амаль усіх вытворцаў бронекамізэлек і шлемаў. Дзякуй Богу, людзі неяк здолелі перавесьці свае вытворчасьці ў заходнюю Украіну і патроху пачынаюць наладжваць працу. Але нам ад гэтага ўсяроўна не прасьцей, таму што, калі размаўляеш з украінскімі вытворцамі, яны кажуць: “Прабачце, у нас зараз вельмі вялікія кантракты для ЗСУ, і мы проста фізычна ня можам вам нешта прадаць”. І са шлемамі зараз самая вялікая праблема. 

Г. П.:  І з Амэрыкі ня вывезеш, так?

А.: Так. З бронекамізэлькамі зараз больш-меньш добра  (дзякуючы таму, што беларус у Празе наладзіў сваю вытворчасьць). Ёсьць магчымасьць беларусам перакрыць патрэбы. 

Г. П.: Гэта вельмі ўражвае, што нашы беларусы змаглі закупіць сталь.

А.: Але, сталь – гэта толькі адзін са складнікаў бронекамізэлек. Метал выгінаюць па стандартах.  Беларусы Меніапаліса здолелі набыць сто бронекамізэлек бяз пліт, у якія можна ўкладаць пласьціны рознага памеру, у залежнасьці ад камплекцыі чалавека. Цяпер хлопцы могуць выразаць пліты ледзь ні пад кожнага байца і апрацаваць гэтыя пліты.

Г. П.: Гэта ж  так шмат працы.

А.: Так, працы хапае.

Г. П.: Калі мы сёлета 26 сакавіка адкрывалі бюсты Кастусю Каліноўскаму і Андрэю-Тадэвушу-Банавантуру Касьцюшку ў Нью-Ёрку перад будынкам Беларускай Аўтакефальнай Царквы Сьв. Кірылы Тураўскага, Зянон Пазьняк сваю прамову пачаў з хвіліны маўчаньня па нашым забітым у гэты дзень на вайне ва Украіне беларусе Зьміцеры Апанасовічы. Ці меў ён бронекамізэльку?

А.:.Зьміцер быў ранены пад лапатку. У яго аскепак зайшоў якраз паміж бронекамізэлькай і сьпіной. У яго быў пнеўматоракс, яму хлопец вельмі добра аказаў першую дапамогу, у стабільна цяжкім стане яго давезьлі да шпіталя, але, на жаль, у шпіталі ён памёр. Ігар Ліцьвін памёр ад кравацечы, і яшчэ адзін наш жаўнер памёр, бо выцекла кроў. 

Адно з небясьпечных і распаўсюджаных раненьняў – гэта асколачнае раненьне ў вобласьць таза, калі закранута артэрыя і будзе вялікая страта крыві. Бандаж, які накладаецца на вобласьць таза – там ужо зусім іншыя грошы. Гэта 320-350 даляраў. Гэты сродак  для чалавека, які прайшоў больш глыбокае навучаньне, як яго накладаць. Такое прыстасаваньне сам паранены ня ў стане надзець, гэта робіць спэцыяліст, зьвязовы мэдык. Сам баец можа аказаць сабе дапамогу пераважна пры раненьні канечнасьцяў з дапамогаю спецыяльнага жгута, які называюць “турнікетам”.

Г. П.:  А гэтыя “турнікеты” павінны быць у кожнага?

А.: Так, прычым павінна быць мінімум два, бо бывае, калі мышачная маса ног вельмі разьвітая, то аднаго жгута  можа не хапіць перацягнуць нагу цалкам.

РАЗЬМЕРКАВАНЬНЕ ЗАДАЧАЎ  ПАМІЖ ВАЛАНЦЁРАМІ

Г. П.: Як валанцёры вы камунікуецеся з беларусамі, якія жывуць у Амэрыцы і ў Эўропе. Да вайны вы, напэўна, шмат каго і ня ведалі?

А.: Поўна людзей, якія ў мяне запісаны, якіх я ніколі ня бачыў. Але, пры гэтым справа робіцца, і часам – вельмі хутка. Такі прыклад. Беларус з  Амэрыкі, які пэўны час жыў у Адэсе і мае там маёмасьць, перадаў у карыстаньне адэскаму атраду Ліцьвіна сваю ўласную “Тэслу” — напісаў даверанасьць і перадаў яе на час вайны хлопцам, якія займаюцца абаронай Адэсы (гэта даволі дарагая машына). У канцы даверанасьці напісаў “Жыве Беларусь!” і “Слава Украіне!”

Медычнае забесьпячэньне – на нас. Па астатняму – штосьці робяць беларусы ў іншых краінах. Мы ўсе камунікуемся між сабой і намагаемся рабіць так, каб не было аднолькавых закупак. 

Некаторыя беларусы пераводзяць грошы непасрэдна ў батальёны, іншыя зьбіраюць грошы ў сваіх суполках, раяцца з намі і самі набываюць нейкія рэчы для ваяроў і адпраўляюць іх у Польшчу, адтуль усё едзе ў Кіеў, Адэсу альбо ў іншыя месцы.

Г. П.: Якія медычныя сродкі набываюцца ў ЗША?

А.: Гэта тое, што называецца “індывідуальная аптэчка жаўнера”. Гэта набор мэдычных сродкаў для аказаньня непасрэднай дапамогі на полі бою і падчас эвакуацыі.

Г. П.: Ва Украіне цяпер, відаць, недахоп медычных сродкаў?

А.: Вялікі недахоп ня толькі ва Украіне, але нават у Эўропе. ЗША зьяўляецца найбольшым прадукоўцам медычных сродкаў, якія павышаюць жывучасьць параненага чалавека. Тут іх шмат і іх лёгка набыць. 

Г. П.: Сярод беларусаў Амэрыкі першымі, хто пачаў зьбіраць грошы на мэдычныя сродкі для беларускіх жаўнераў ва Украіне, гэта былі  якраз менавіта вы са сваімі сябрамі. 

А.: Так, мы пачалі гэтую працу на базе Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку, у Брукліне. Потым моцна ў гэтую працу ўключыліся чыкагскія беларусы. Яны зрабілі свой рахунак, сабралі грошы, і зараз на гэтыя сродкі мы будзем набываць і камплектаваць медычныя заплечнікі (гэта тое, што патрэбна ўжо больш дасьведчанаму ў медыцыне чалавеку, уключаючы кропельніцы, кроваспынныя сродкі; яны даражэйшыя, чым звычайная аптэчка). Арганізацыя АБА (Арганізацыя Беларусаў Амэрыкі) сабрала на свой рахунак грошы і набыла каля ста індывідуальных аптэчкаў для жаўнера. Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква таксама перадала грошы на закупку прыкладна ста індывідуальных аптэчкаў – непасрэдна сам Архіепіскап Сьвятаслаў і Парафія Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага. Сто аптэчак ужо набылі і адправілі ва Украіну беларусы Мінеапаліса.

Г. П.: — Я была сьведкаю, як вы пакавалі агромністыя валізкі, і ня проста складвалі, а пакавалі камплектамі, каб адправіць іх з некім. Паўночы вы гэтыя ўсе камплекты складалі. Здавалася б, такая простая праца, але калі ўбачыла гэта ўсё, колькі ўсялякіх рэчаў, дробязных і буйных, вы раскладалі ў некалькі велізарных валізаў, то была вельмі ўражана. Такія валізы яшчэ трэба знайсьці недзе.

А.: Ну, так. Калі мы шукалі звычайную аптэчку, то выходзілі на нейкія фірмы, якія нешта танна распрадавалі. Мы пасьпявалі тое набыць. Трэба заўважыць, што украінцы таксама ня сьпяць і набываюць тое ж самае. У нас няма наўпроставай канкурэнцыі, але ўсяроўна – хто хутчэй набудзе, той пасьпее. Тады так атрымалася, што мы здолелі ўраздроб набыць шмат мэдычных сродкаў, і потым іх трэба было пэўным чынам кампанаваць, каб хлопцы не гублялі час на лічэньне, разьмеркаваньне (камусьці далі – камусьці не дасталася). Плюс, перадаеш нейкія рэчы даволі крохкія, іх трэба адмыслова запакаваць, каб яны даехалі да месца ў цэласьці.

Г. П.: Як я зразумела, вы з Віктарам, з дапамогай Валеры ў асноўным цягнеце гэты цяжкі воз працы.

А.: Не-не-не. Глядзіце: беларусы Чыкага арганізавалі ў сябе збор сродкаў, сабралі 8 тысячаў даляраў. Праз іх мы закупім “медыцыну”. Яны зрабілі сваю частку працы. Хлопцы з Мінеапаліса зрабілі збор на сто добрых, якасных бронекамізэлек. Плюс яны ўжо самі адправілі сто камплектаў аптэчак. Плюс арганізацыя БАЗА (Нью-Ёрк), БАПЦ, АБА, асабіста архіепіскап Сьвятаслаў далі пэўную частку на мэдычнае забесьпячэньне. 

Атрымоўваецца, што мы робім найперш каардынацыйную працу, працу па збору грошай і па актуалізацыі патрэбаў. 

Г. П.: Ну, тут я з вамі не пагаджуся. Тое, што я бачу на свае вочы — гэта праца велізарная, каб я сама ўсё гэта ня бачыла, не ўяўляла б увесь аб“ём, які вы ахопліваеце. Гэта ўражвае і выклікае вялікую павагу да вашай працы.

А.: Ну, дык патроху-патроху і набіраецца тое, што патрэбна і што выратуе жыцьцё нашым беларускім абаронцам Украіны, якія пайшлі ваяваць за Украіну і за Беларусь. Праўда, часам сутыкаемся і з праблемамі.

ПЕРАПРАЎКА дапамогі ва Украіну

Г. П.: Як вы дастаўляеце набытыя рэчы  ва Украіну?

А.: Мы намагаемся перадаваць валізкі на фронт праз людзей. Калі хтосьці едзе ў Варшаву, мы перадаём гэта туды, а там ужо хлопцы з Варшавы едуць альбо ў батальён Кастуся Каліноўскага, альбо ў іншае месца і аддаюць гэтыя валізы. Мы ўвесь час на сувязі з рознымі гарадамі, цэнтрамі, якія фармуюць дабраахвотнікаў. За гэтую сувязь ёсьць адказны ў Польшчы. Тэлефануем, нашыя хлопцы ў Варшаве сустракаюць прыляцеўшых людзей. Чалавеку ж, які ляціць на вайну, знаходзяць, дзе разьмясьціцца і чакаць сваёй адпраўкі. 

Г. П.: Я ведаю, нядаўна вы езьдзілі спэцыяльна з Нью-Ёрку ў Вашынгтон, каб давезьці валізкі да самалёта.

А.: Так, дзяўчына маленькая, у якой у самой кіль 45, згадзілася ўзяць з сабой 53 кілі багажа, каб давезьці. Гэта былі дзьве вялікія сумкі. 

Але, там у мяне было яшчэ некалькі важных сустрэчаў, таму я зрабіў адразу колькі справаў. Сустрэўся з украінцамі, каб абмеркаваць валанцёрскія пытаньні. Так адной паездкай зрабіў некалькі спраў, у выніку чаго палепшылася далейшая праца. 

Мы ня думаем, што вайна скончыцца хутка, ведаючы расейцаў (наколькі яны не кіруюцца ніякай логікай), яны могуць гэтую вайну расьцягваць вельмі доўга. Гэта будуць чарговыя “перамовы”, яны будуць чарговы раз сьцягваць сілы, пераходзіць у наступ, і такое можа цягнуцца вельмі доўга.

Г. П.: Як я разумею, вы гэтыя валізкі перадаеце праз дабраахвотнікаў з розных гарадоў ? 

А.: У нас асноўная праблема – перадачы з Амэрыкі ў Эўропу. Калі ўсё даляцела да Варшавы, то там ужо шлях адладжаны. З варшаўскага цэнтру машыны едуць на Кіеў, і там усё трапляе непасрэдна нашым хлопцам. Але адсюль пасылаць пасылкі ў Варшаву — гэта і дорага, і доўга. Хлопцы зь Мініапаліса адправілі першую пробную пасылку самалётам да Львова 17-га сакавіка. Паглядзім, як яна дойдзе. 

Г. П.:  Але, валізы дадатковыя трэба аплочваць.

А.: Так. І валізы, і пасылкі, зразумела. Але калі нешта тэрміновае, то валізы (самалётам), безумоўна, хутчэй. 

ГРОШЫ-АХВЯРАВАНЬНІ

Г. П.: Пакуль ідзе вайна, грошы патрэбныя ўвесь час. 

А.: Калі б кожны беларус у Амэрыцы кожны месяц аддаваў, скажам, па 100-200 даляраў на войска (у Амэрыцы, хто працуе, — такое магчыма) — гэта б забясьпечыла найбольш надзейна нашых ваяроў. Але яно, хутчэй, з вобласьці фантазіі…  

Шмат працы цяпер, і шмат – наперадзе. 

Ёсьць проста тэхнічна дарагія праекты. Хлопцы, якія кіруюць дронамі для пошука ворага — гэты праект 4-х чалавек, якія прайшлі навучаньне, плюс машына, плюс дадатковыя батарэі, дадатковыя камэры на гэтыя дроны – у выніку гэты праект ужо каштуе каля 60 тыс. даляраў. Я ўжо не кажу, што чым больш людзей становіцца “ў шэрагі”, тым больш узьнікае патрэбаў забесьпячэньня іхняй дзейнасьці.

Першапачаткова мы “закрываем” самыя неабходныя патрэбы беларускіх фармаваньняў, але з цягам часу патрэбы узрастаюць.На вайне жаўнеры не заўсёды знаходзяцца ў акопе. Ім трэба выязджаць на заданьні, на лінію сутыкненьня праціўніка (хтосьці гэта называе “на нуль”). Частку шляху жаўнеры ідуць пешшу, часам  едуць транспартам і іх трэба на чымсьці перавозіць. Калі байцы затрымліваюцца надоўга, то ежу і баепрыпасы трэба падвозіць пастаянна. Нагамі тут не находзіш, таму машына з вялікай праходнасьцю вельмі патрэбная. Плюс перавозка параненых, гэтым займаецца мэдычнае аддзяленьне.

Дарэчы, мы ўжо дзьве машыны набылі і зьбіраемся яшчэ набываць. Мэдычнае аддзяленьне павінна працаваць 24 гадзіны ў суткі. У ім 4 чалавекі: медыкі, якія аказваюць дапамогу параненаму, 2 чалавекі, якія дапамагаюць (адзін кіроўца, другі забясьпечвае прыкрыцьцё на выпадак страляніны). На гэтых дваіх павінна быць уся экіпіроўка, як у звычайнага байца, плюс абавязкова два прыборы начнога бачаньня, бо аднаму трэба весьці машыну ўначы з выключанымі фарамі, а другому трэба арыентавацца на мясцовасьці (чытаць мапу, глядзець па баках, каб ведаць, куды можна ехаць – куды не (да месца забору параненага). А прыбор начнога бачаньня – на дваіх 20 тысячаў даляраў. Я ўжо не кажу, што сярэдняй зношанасьці рэамабіль каштуе каля 30-40 тысячаў. Плюс яго трэба падрыхтаваць, памяняць гуму, зрабіць троху вышэйшым (бо дарогі разьбітыя). І так набягаюць вельмі вялікія грошы. 

Вось так, тут неабходна, там неабходна. І адно чапляецца за другое. Беларусы толькі зараз пачалі фармаваць свае вайсковыя фармаваньні на тэрыторыі іншай краіны. Украіна дае некаторае забесьпячэньне, але шмат чаго не хапае, і ўсё кладзецца на нашыя беларускія плечы.

Г. П.: А як людзі ахвяруюць грошы? Пакуль ідзе вайна і нашыя беларусы таксама, як украінцы, гінуць на ёй, бываюць параненыя, трэба, каб беларускія суполкі пастаянна зьбіралі грошы на забесьпячэньне беларускіх жаўнераў, каб грошы паступалі ўвесь час. Дабраахвотнікаў, мы ведаем, едзе шмат, і іх усё прыбывае. Экіпіроўка павінна папаўняцца няспынна.

А.: Так, грошы на вайну патрэбны пастаянна. І чым даўжэй будзе ісьці вайна, тым больш патрэбныя грошы на забесьпячэньне нашым ваярам. Нашы беларускія аддзелы толькі фармуюцца, фармаваньне ня скончана. Новыя людзі будуць прыязджаць і прыязджаць. Кожнаму новаму чалавеку патрэбныя першасныя рэчы, а пасьля гэтага – пачынаюцца другасныя рэчы: усё ж не спыняецца на бронекамізэльцы і на шлеме. Потым людзям патрэбныя ўжо нейкія больш тэхналягічныя рэчы. Ёсьць праект, напрыклад, кошт якога каля 57 тысячаў даляраў (гэта разьведаддзяленьне, якое будзе карыстацца добрымі дронамі).

Якім чынам людзі здаюць грошы? Грошы ахвяруюцца па-рознаму. Часта проста ў сваіх суполках зьбіраюць, тэлефануюць і кажуць: “Што там сёньня актуальна – давайца мы набудзем”. Яны набываюць і адпраўляюць на адрас ў Польшчу і адтуль даходзіць да адрасата. Альбо гэта даходзіць да нашай Царквы ў Брукліне  і адсюль мы знаходзім, якім шляхам гэта пераправіць.  Я вельмі ўражаны тым, што людзі, якія лятуць самалётамі, бяруць торбы з сабой, аплочваюць квіток — за торбу ж таксама трэба плаціць. 

Г. П.: Наша матэрыяльная падтрымка павінна ісьці няспынна, бо там людзі ахвяруюць жыцьцём. 

А.: Добра было б, калі б яны не ахвяравалі жыцьцём, а прымушалі ахвяраваць жыцьцём ворага, які напаў на Украіну, а нашыя байцы проста рабілі б прафэсійна вайсковую справу. Вайсковае забесьпячэньне ня можа быць часовым, яно павінна быць пастаянным, пакуль ідзе вайна. Зараз мы павінны плаціць такі нацыянальны падатак на нацыянальнае войска. 

Тыя, хто не на фронце, павінны разумець, што людзі кідаюць усё і едуць выяваць. Яны ахвяруюць усім. Вайна – гэта вельмі цяжка і фізычна, і эмацыйна. Колькі чалавек можа знаходзіцца пад фізычным і псіхалягічным  прэсінгам? А яны знаходзяцца пастаянна пад стрэсам, бо пастаянна сутыкаюцца са сьмерцю. Жаўнеры мала сьпяць, выконваюць баявыя задачы, бачаць сьмерць, сутыкаюцца з усімі гэтымі жахамі вайны. Акрамя сьмерці, яны сустракаюць галодных людзей, якія сядзяць у падвалах, якім трэба дапамагаць. Я ўжо не кажу, наколькі цяжка бачыць параненых і забітых дзяцей, жанчын… Расейцы ж не мяняюцца: яны як гвалцілі нямецкіх жанчын у 2-ю Сусьветную, тое самае яны робяць зараз ва Украіне. І чалавек з гэтым усім сутыкаецца, і гэта накладае на яго пэўны псіхалагічны адбітак. 

А ў гэты час шмат людзей на сьвеце жывуць звычайным жыцьцём і нават ня думаюць, што хтосьці там дзесьці змагаецца… 

Г. П.: Я бачу, што вы ўвесь час на тэлефоне. 

А. Д.: Так, калі ў ЗША ноч, пачынаецца сувязь з Кіевам і Польшчай. Вельмі шмат кантактаў у гэты час пачынаецца з Эўропай, бо ёсьць пытаньні па адсылках і па каардынацыі пасылак патрэбных рэчаў. 

І яшчэ праблема ў набыцьці рэчаў. На жаль, існуе вельмі-вельмі шмат кітайскіх адпаведнікаў. І калі не разьбіраешся, то не адрозьніш вайсковыя ад страйкбойнай. Трэба адразу набываць тое, што будзе добрае, не кітайскія падробкі. З нашым сябрам Паўлам, які ваюе ва Украіне, адбыўся выпадак, калі парваўся ягоны заплечнік. А бегаць з парваным заплечнікам цяжка. Таму зараз мы набылі яму заплечнік, які праслужыць доўга. Вайсковыя рэчы дарагія. Лепш браць у амэрыканскіх фірмаў, якія забясьпечваюць  мэдыкаў, паліцыю, войска.

Г. П.: Колькі працы. Адна толькі каардынацыя шмат бярэ часу, потым набыцьцё, перасылка, дастаўка.

А.: І яшчэ, калі ты сабраў грошы, трэба ж людзям гэта паказаць — каб была справаздача. А калі хлопцам прыходзіць партыя аптэчак, гэта тое, што патрэбнае ім проста зараз. Вось першая партыя аптэчак прыйшла, і хлопцы разабралі так хутка, што нават не пасьпелі сфатаграфаваць партыю. У 2014- 2015 гадох валанцёры самі прывозілі сабранае для жаўнераў. Зараз такое немагчыма. Беларусу ж ня проста так уехаць ва Украіну. Трэба браць спэцыяльны дазвол. Таму перадаюць іншымі шляхамі. 

Альбо вось “прыехала” медычная сумка. Медык бяжыць яе разьбіраць, а яна не зялёнага, а сіняга колеру — для пэўнага падразьдзяленьня, яму не падыходзіць, а падыходзіць медпадразьдзяленьню, якое на этапе эвакуацыі. Гэта значыць, што рыштунак трапіў не па адрасу і цяпер трэба ізноў яго перапраўляць. Бывае такое. Альбо хлопцы на вучэньні і прыйшла машына, яе пачынаюць разьбіраць без іх прысутнасьці, бо машына павінна ехаць у іншае месца. Так што першыя дні вайны былі ў гэтым плане вельмі сумбурныя. Цяпер ужо людзі трохі прызвычаіліся, папрыцерліся, пачатковая паніка і жаданьне ўсё рабіць хутчэй мінула і людзі па-троху ўцягваюцца ў працу. 

БУДУЧЫНЯ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД НАС

Г. П.: Шмат хто з нашых ваяроў кажа, што калі вызваляць Украіну, то пойдуць вызваляць Беларусь. Як вы лічыце, ёсьць у нас для гэтага “порах у парахаўніцах”? 

А.: Трэба ўсё рашаць па этапах. Спачатку – арганізацыя добрых вайсковых падразьдзелаў. Набяром добрых людзей, будзем добра арыентавацца, што адбываецца на сучасны момант у Беларусі. 

План выдатны. Але, для яго рэалізацыі трэба прыкласьці шмат-шмат намаганьняў. І гэта тычыцца ня толькі хлопцаў, якія знаходзяцца ў батальёнах (дабраахвотнікі), а проста ўсіх нас, калі абавязкова будуць прыкладаць намаганьні ўсе беларусы, уся наша дыяспара, бо без яе тут не абыйдзецца. Добра, калі беларусы закрыюць пытаньне дапамогі палітзьняволеным, калі ўсе беларусы будуць працаваць на фронт – па-іншаму ня будзе нічога. Знайсьці ж адгаворку, што нешта немагчыма, канешне, прасьцей. 

Г. П.: Калі глядзіш фотаздымкі з цяперашняй Беларусі, то для мяне, як для асобы не вайсковай, уся там навезеная ворагам ваенная тэхніка – гэта жалеза. Гэтага расейскага “жалеза” ў Беларусі зараз столькі… Але ж, ня пойдзеш з сякерай супраць танкаў. Выгнаць узброеных рашыстаў з Беларусі – гэта магчыма?

А.: Канешне, магчыма, было б жаданьне. Беларусь – вельмі ўзброеная краіна. Было б жаданьне – астатняе прыкладзецца. Дзеяньне пачынаецца з жаданьня. Потым знаходзяцца сродкі і спосабы, якімі дамагаюцца перамогі. 

Запісала інтэрв’ю Галіна Пазьняк (31 сакавіка 2022, Нью Ёрк, ЗША)