Беларусы Прагі адзначылі 505-годдзе выхаду Бібліі на беларускай мове

Скарынаўскі дзень адзначылі беларусы Чэхіі.

Суботнім ранкам, 6 жніўня, беларусы Прагі сабраліся ля помніка Скарыны, каб адзначыць 505-годдзе выхаду Бібліі на беларускай мове.

Менавіта ў гэты дзень у 1517 году ў сталіцы Чэхіі выйшла ў сьвет першая друкаваная кніга па-беларуску – Біблія ў перакладзе Францыска Скарыны. Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Празе ў сувязі з гэтай падзеяй наладзілі сьвята ля помніка асьветніку.

Імпрэза пачалася ў адзінаццаць гадзін пры ўдзеле чэшскіх і замежных палітыкаў. Падтрымаць беларусаў на важную падзею прыйшлі дэпутат чэскага парлямэнту Гаят Ёзаф Акамура, першы дарадца польскага пасольства ў Празе Магдалена Марыксевіч, старшыня Праскага лінгвістычнага таварыства Томаш Госкавец, дырэктар Польскага інстытуту ў Празе Мацей Ручай і іншыя.

Госьці і прысутныя выступілі з кароткімі прамовамі, у якіх падкрэслівалі выключныю ролю Францішка Скарыны і выданнай ім Бібліі не толькі для Беларусі, але і для Усходняй Эўропы.

Паміж выступамі прамоўцаў гучала музыка флейты, а таксама фальклёрныя сьпевы.

На сьвяце прайшоў абмен кнігамі. Кожны жадаючы мог прынесьці сваю кнігу па-беларуску і абмяняць яе на іншую. Таксама тут прадаваліся майкі з беларускай сымболікай, лягатыпамі Скарыны і беларускія кніжкі.

Скарынаўскае сьвята скончылася лекцыяй гісторыка Паўла Котава «Што мы ведаем і ня ведаем пра Скарыну» ў Беларускай клюбоўні. Усіх прыйшоўшых навуковец пазнаёміў з выданьнем «Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях» (гал. укладальнік Алесь Жлутка, Мінск 2020).

Сьвята атрымалася насычаным і цікавым. Кожны з прысутных пасьля лекцыі мог абмяняцца сваімі думкамі з прысутнымі і задаць пытаньні гісторыку.

Беларусы Прагі штогод ладзяць падобныя імпрэзы ў гонар Скарыны. Фармат такіх мерапрыемстваў заўсёды грунтоўны і разнастайны.

Алесь Пазьняк