Віншуем з Днём абвяшчэньня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь!

Дарагія беларусы!
Часапіс Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня “Беларус” віншуе вас з трыццаць першай гадавінай абвяшчэньня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь!
31 год таму нашая краіна ўпершыню за доўгія стагоддзі ізноў з’явілася самастойнай палітычнай адзінкай сярод дзяржаў сьвету. Гістарычныя падзеі ў Менску ў жніўні 91-га адбываліся імкліва – цягам некалькіх дзён. Дэпутаты Незалежнасьці (Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Валянцін Голубеў, Вольга Галубовіч, Алесь Шут і іншыя дэпутаты ад БНФ і Дэмклубу) змаглі пераламіць камуністычную бальшыню ў Вярхоўным Савеце і прагаласаваць за Незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны.
Але таксама мы павінны памятаць і іх папярэднікаў, якія змагаліся за Беларусь як палітычна, так і са зброяй ў руках – Урад БНР, Слуцкія паўстанцы, паўстанцы Каліноўскага, Касьцюшкі, героі войнаў з Масковіяй і інш. Бяз іх змаганьня, ў 1991-м ня было б чаго аднаўляць і ня было б тых ідэалаў за якія мы змагаемся зараз.
Так, сёньня нашая краіна перажывае надта змрочныя часы. Але гэта ёсць чарговым выпрабаваньнем, якое выпала на долю нашых людзей.
У 2020-м годзе мы паказалі, што вольны дух у беларусах нікуды ня зьнік. Беларусы выходзілі на пратэсты таксама і ў 2019-м, як і ў 2017-м, як і раней у папярэдніх гадох. І ўвогуле на працягу ўсяго існаваньня дыктатарскага рэжыму беларусы не маўчалі. Але аднойчы яны скажуць сваё самае галоўнае і канчатковае слова, каб апасля ўвайсьці ў сьвет вольных нацыяў.
Мы абавязкова вырвемся з абдымкаў імпэрыі! Беларусь стане па-сапраўднаму вольнай і роўнай сярод цывілізаваных краін!
Жыве Беларусь!