Віншаваньні Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму ад Галоўнай управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня

Прыводзім тэкст віншаваньня Ноблеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага Галоўнай управай Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня:
“Шаноўны сп. Алесь!
Вельмі ўсьцешаныя добрай навіною з Осла. Нададзеная Вам Нобелеўскім камітэтам Прэмія міру – заслужаная ўзнагарода Вам за шматгадовую ахвярную працу па абароне правоў чалавека. Шматпакутны беларускі народ патрабуе такой абароны ад дыктатарскага рэжыму, які апанаваў нашу Бацькаўшчыну, які зьневажае нашых людзей, утоптвае ў гразь іхнае права людзьмі звацца, дараванае Богам кожнаму народжанаму на Зямлі чалавеку. Мы дзякуем Вам за Вашае служэньне свайму народу.
Сумна і горка, што рэжым трымае за кратамі Вас, аднаго з лепшых сыноў Беларусі. Мы тут у Амэрыцы памятаем пра пакуты нашага народу і робім ўсё магчымае для змаганьня з вар’яцкай уладаю, для вызваленьня палітзьняволеных у Беларусі.
Сёлетняя Нобілеўская прэмія – гэта высокая ўзнагарода для ўсяго беларускага народа, які мужна выйшаў на пратэсты ў 2020 годзе і працягвае сваё змаганьне да сёнья дзеля вызваленьня ад лукашэнкаўскага рэжыму, за пабудову дэмакратычнай і вольнай Беларускай дзяржавы. Гэтая прэмія – знак павагі і ўшанаванья таксама для ўсіх палітзьняволеных у Беларусі, якія сёньня разам з Вамі пакутуюць у турмах.
Віншуем Вас з высокай узнагародай!
Жадаем Вам і ўсім беларускім палітзьняволеным духовай моцы, мужнасьці, надзеі і веры ў нашу перамогу, ў сьветлы дзень вашага вызваленьня.
Верым! Можам! Пераможам!
Жыве Беларусь!!!
Галоўная управа Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня
Нью-Ёрк
8 кастрычніка 2022“
Тэкст: https://baza.nyc/?p=1694
Фота: https://spring96.org