Памёр Уладзімір Макей – міністр замежных спраў

Раптоўна памёр міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
Аб гэтым паведаміла агенцтва БЕЛТА са спасылкай на Анатоля Глаза, прэс-сакратара МЗС. Анатоль Глаз заявіў, што яшчэ 25 лістапада Уладзімір Макей абмяркоўваў працоўныя планы на тыдзень.
Мяркуючы па афіцыйнай інфармацыі МЗС, 25 лістапада 2022 года Уладзімір Макей сустрэўся з Апостальскім Нунцыем, арцыбіскупам Антэ Ёзічам. Асноўнымі тэмамі гутаркі сталі 30-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскай Сталіцай, узаемадзеянне Ватыкана і Мінска, а таксама актуальнае становішча Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь.
Уладзімір Макей скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1980), служыў у Савецкай Арміі (1980-1992). Палкоўнік запасу. Вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі (1992-1993).
У 1993-2000 гадах на дыпламатычнай службе працаваў:
трэцім сакратаром упраўлення інфармацыі і гуманітарнага супрацоўніцтва, другім сакратаром аддзела аналізу і прагназавання, другім сакратаром сакратарыята Міністэрства замежных спраў (1993-1995), намеснікам начальніка Службы дзяржаўнага пратакола МЗС (1995-1996), прадстаўніком Беларусі пры Савеце Еўропы, саветнікам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі (1996-1999), начальнікам упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС (1999-2000).
У 2000-2008 працаваў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі. 15 ліпеня 2008 года прызначаны на пасаду кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі. Са жніўня 2012 года Уладзімір Макей узначальваў міністэрства замежных спраў Беларусі.
Падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года на сходзе работнікаў Міністэрства замежных спраў ён заявіў, што ўсе, хто не згодны з дзяржаўнай палітыкай, павінны звольніцца.
Алесь Пазьняк