Плятформа беларускамоўных анлайн гутарак “Вольная мова” запрашае далучацца*

*абвэстка

Шаноўныя беларусы Заходняга Паўшар’я!

Калі вы даўно хацелі зрабіць сваю беларускую гутарку больш актыўнай і пачаць вальней размаўляць на роднай мове, то запрашаем далучацца да сустрэч “Вольнай Мовы”.

”Вольная Мова” – гэта плятформа для арганізацыі беларускамоўных анлайн гутарак. Мы працуем ужо год, але раней большасць гутарак на плятформе праходзілі вечарам па эўрапейскім часе. Цяпер мы падрыхтавалі графік сустрэч зручны для жыхароў Заходняга Паўшар’я і запрашаем вас далучацца! Няхай Вольнай Мовы ў свеце стане больш!

Як гэта працуе?

Кожны дзень мы ладзім некалькі анлайн сустрэч на самыя розныя тэмы. Вы выбіраеце найбольш цікавую для вас, рэгіструецеся і ў азначаны час прыходзіце на гутарку.

Гутаркі праходзяць у невялікіх групах па 5-6 чалавек. Заводзіць і кантралюе сустрэчу вядоўца – актыўны беларускамоўны беларус, які будзе вам дапамагаць. Мінімум тэорыі, павольныя, жывыя размовы з памылкамі.

Сустрэча на “Вольнай Мове” – гэта не занятак, ня лекцыя і не навучаньне. Гэта менавіта гутарка ў кампаніі ня больш за 7 чалавек, дзе галоўная задача вядоўцы палягае ў тым каб адсочваць, каб усе ўдзельнікі дыскусіі актыўна выказваліся.

І гэта працуе! За мінулы год дзясяткі людзей пачалі больш упэўнена карыстацца беларускай мовай падчас наведваньня нашых сустрэч. А яшчэ шмат хто змог знайсьці цікавыя кампаніі і сяброў!

Будзем радыя бачыць і вас! Запрашаем далучацца!

Спіс гутарак, на якія можна запісацца глядзіце тут: https://volnajamova.online/spis/

Амэрыканскія гутаркі адбываюцца пры падтрымцы Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі.